Гісторыя замкаў у паўсядзённых рэчах

   У лідскім гісторыка-мастацкім музеі працуе выстава “Мураваныя замкі Гродзеншчыны ХIV-XIIV стст. па матэрыялах археалагічных даследаванняў”. Тут прадстаўлены прадметы, звязаныя з працэсамі будаўніцтва, унутранага аздаблення, абароны старажытных умацаванняў, а таксама экспанаты, прысвечаныя побытавай культуры іх жыхароў. Асаблівасць выставы менавіта ў тым, што на падставе рэальных рэчаў тых часоў можна пазнаёміцца з матэрыяльнай культурай такіх замкаў, як Лідскі, Навагрудскі, Крэўскі, Гродзенскі, Мірскі, Гальшанскі, Любчанскі і Геранёнскі.    Сама экспазіцыя з’яўляецца невялікай па памерах і займае не так шмат месца ў музеі, але расказваць пра кожны яе экспанат можна вельмі доўга. Ды і слухаць цікава пра тое, у якіх умовах жылі нашы продкі.


– Пры пабудове замкаў на Гродзеншчыне ў ХIV-XIIV стст. выкарыстоўвалася вялікая брусковая цэгла, так званая цэгла-пальчатка. На кожнай цагліне гэтага віда на адным з шырокіх бакоў бачны чатыры выразныя разоры, праведзеныя пальцамі цагельніка па яшчэ мяккай гліне. Рабіліся яны спецыяльна, бо нашы продкі заўважылі: калі ў такія паглыбленні трапляе вапна, то муроўка робіцца больш трывалай, – расказвае куратар выставы, навуковы супрацоўнік музея Наталля Валынец, спыніўшыся каля першай вітрыны. – Для муроўкі архітэктурных дэталяў (кантаў, нервюрных скляпенняў) ужывалі фігурную цэглу, зробленую ў спецыяльных формах. Страха замкавых будынкаў накрывалася дахоўкай.

IMG_9178
   Асноўным матэрыялам для пакрыцця падлог у княжацкіх палацах былі разнастайныя керамічныя пліткі. Пачынаючы з XV ст. вялікае значэнне ў аздабленні інтэр’ераў мела кафля – розных тыпаў, колераў, з разнастайнымі матывамі і сюжэтамі. З часам нашы продкі авалодалі высокім мастацтвам вырабу шматколернай паліхромнай кафлі. На выставе ёсць даволі прыгожыя рэчы з гэтага матэрыялу з выявамі букетаў, цмокаў, адзінарога, арла, “Пагоні”, з сюжэтамі Дабравешчання і іншыя.
Асаблівую цікавасць вы-клікае вітрына з посудам, якім карысталіся князі і іх прыбліжэнне.
– Звычайна для ежы ўжываўся просты посуд – напрыклад, пакрытыя ўнутры зялёнай або карычневай палівай талеркі для супу. На святочных застоллях ежу падавалі ў посудзе, зробленым па спецыяльнай замове. Сярод такіх экспанатаў – паліваны гаршчок з трыма ручкамі, знойдзены падчас раскопак у Лідскім замку, або металічныя талеркі, аздобленыя гербавымі знакамі, – расказвае Наталля Міхайлаўна. – Да стала падаваліся лыжкі, але кожны даставаў з кішэні свой асабісты ножык. Відэльцамі пачалі карыстацца толькі ў XVIII ст., але спачатку яны былі двухзубнымі. А вось гаспадыні не маглі абысціся без такой прылады, як макацёр – глыбокая гліняная пасудзіна з вузкім дном і шырокім верхам.
   На тэрыторыі замкавага двара размяшчаліся і майстэрні рамеснікаў – выніку іх працы таксама ўдзелена ўвага на выставе. Так, тут можна ўбачыць падэшвы абутку, падкоўкі пад абцасы, падсвечнікі, шылы, нажніцы, ключы, крэсіва, люлькі для курэння тытуню, скарбонкі і многае іншае.
   Таксама на выставе можна па-знаёміцца са зброяй блізкага і дальняга бою, засцерагальнымі пакрыццямі для тулава. Не кожны ведае, што такое рагаціны, суліцы, бердышы або марыён, бургіньёт, гаржэт... Таму ў музеі не толькі раскажуць пра іх, але і пакажуць усе прадметы.
Дапаўняюць экспазіцыю і інфарма-цыйныя планшэты, на якіх змешчаны звесткі пра гісторыю замкаў, іх віды, архітэктурныя асаблівасці, сучасны выгляд і стан.
   Выстава “Мураваныя замкі Гродзеншчыны ХIV-XIIV стст.” будзе працаваць толькі да канца мая, бо ўсе экспанаты належаць Гродзенскаму археалагічнаму музею. Але супрацоўнікі Лідскага музея спадзяюцца, што праз пэўны час прадметы, якія маюць дачыненне да Лідчыны, усе ж такі трапяць у іх фонд.


Таццяна Гумбар

Последнее изменениеПятница, 07 августа 2015 12:08
Наверх

Принеманские вести

 © 2009-2019 Принеманские вести. Все права защищены. 
Полное или частичное использование материалов газеты и сайта допускается только с разрешения редакции.

Яндекс.Метрика

Принеманские вести. 2019

Войти на сайт через социальные сети.