РАМЕСНЫ ПАДВОРАК

   У мінулую пятніцу ў Ходараўскім Доме культуры ўпершыню ладзілася  свята дэкаратыўна-прыкладной творчасці – кірмаш талентаў “Рамесны падворак”. Яго арганізатарамі выступілі дзяржаўная ўстанова “Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці” і яе філіял “Ходараўскі Дом культуры”.    Яскравае мерапрыемства праходзіла ў прыгожа аформленым памяшканні Дома культуры. Галоўнымі яго героямі былі людзі з сапраўды залатымі рукамі – кіраўнікі гурткоў клубных устаноў раёна.


   Госці свята атрымалі выдатную магчымасць наведаць кірмаш і набыць рэчы, ад якіх сыходзілі магічнае святло і прыгажосць. Выставу зладзілі ўдзельнікі і кіраўнікі гурткоў дэкаратыўна-пры-кладной творчасці “Аксаміт” Ёдкаўска-га ДК, “Акварэлькі” Пескаўскага ДК, “Цудоўная скарбоначка” Ганчарскага ДК, “Павуцінка” Беліцкага ДК. На рамесных падворках былі прадстаўлены вырабы, зробленыя з падручных матэрыялаў, разнастайныя па тэхніцы выканання і сваім прызначэнні.
   На свяце былі арганізаваны таксама і конкурсныя выступленні майстроў. Кожны з іх павінен быў па-асабліваму расказаць аб сваіх работах, якія знаходзіліся на рамесным падворку (выставе). Другім этапам для ўмельцаў быў “Абярэгавы серпанцін”, на якім яны мелі магчымасць не толькі паказаць сваё майстэрства ў вырабе абярэгу, але і паведаміць цікавую інфармацыю для гледачоў аб прызначэнні такіх цудадзейных прадметаў жыцця для кожнага чалавека. Праявіць сваю фантазію майстры змаглі на конкурсе “Фантазія”. Пакуль гучала некалькі музычных нумароў, умельцы стваралі цудоўныя дэкаратыўныя венічкі-абярэгі, пасля чаго кожны гэты выраб быў цікава прадстаўлены перад гледачамі.
   Апошнім этапам для канкурсантаў стаў атракцыён “Што ў скрынцы?”. У ёй быў схаваны адзін з прадметаў, зроблены ўмелымі рукамі майстра. З дапамогай пытанняў тыпу “Якога яно колеру?”, “Яно цвёрдае ці мяккае?”, гледачы павінны былі здагадацца, што знаходзіцца ў скрынцы, і той, хто адгадваў, атрымоўваў гэты прадмет.
   Культурная праграма свята таксама не прымусіла нікога сумаваць – гледачы здзіўляліся і радаваліся, гледзячы на выступленні артыстаў з Ходараўскага, Беліцкага і Ганчарскага ДК.
   Кірмаш талентаў “Рамесны падворак” – значная падзея і для арганізатараў, і для наведвальнікаў. Гэта мерапрыемства стане ў Ходараўскім Доме культуры брэндавым і яшчэ не раз збярэ жыхароў і гасцей аграгарадка Ходараўцы. З нецярплівасцю чакаем новых сустрэч з хараством творчасці майстроў раёна!


Наталля Вайцюкевіч, ДУ “Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці”

Последнее изменениеПятница, 07 августа 2015 12:08
Наверх

Принеманские вести

 © 2009-2019 Принеманские вести. Все права защищены. 
Полное или частичное использование материалов газеты и сайта допускается только с разрешения редакции.

Яндекс.Метрика

Принеманские вести. 2019

Войти на сайт через социальные сети.