“І слова клікала ў бой…” Избранное

   Менавіта пад такой назвай у літаратурным аддзеле Лідскага гісторыка-мастацкага музея праходзіць агляд калекцыі друкаваных выданняў часоў ВАВ. Сімвалічна, што дадзеная экспазіцыя распачала сваю работу не проста напярэдадні 70-годдзя Перамогі, але яшчэ і менавіта ў Дзень друку – 5 мая. – Нашы продкі змагаліся з ворагам не толькі фізічна, але і духоўна. І часам друкаванае слова было вастрэйшым за нож або штык, страляла мацней, чым зброя, – адзначае куратар выставы Алесь Хітрун (на фота). – Сведкамі таму з’яўляюцца прадстаўленыя тут экспанаты. Каб упэўніцца ў гэтым, дастаткова пагартаць выданні тых часоў, прабегчыся па іх артыкулам, паглядзець змешчаныя там карыкатуры.


   Аснову экспазіцыі складаюць копіі і арыгіналы шматлікіх нумароў газеты “Уперад”. Многія з іх у свой час былі перададзены патрызанам атрада імя Чкалава і адначасова рэдактарам дадзенага выдання Юліянам Драгуном. Частку экзэмпляраў музей атрымаў ад жонкі нашага вядомага публіцыста Аляксандра Васільевіча Жалкоўскага.
   Дарэчы, сярод прад-стаўленых выданняў ёсць нумар газеты “Уперад”, які выйшаў у 1944 годзе менавіта ў Дзень друку – 5 мая. На першай яго старонцы рэдактар нагадвае пра сваё прафесійнае свята і адзначае вялікую ролю друкаванага слова, асабліва ў часы ліхалецця: “Верным спутником народных мстителей является подпольная печать. Заслуженной любовью пользуются у народа скромные листки подпольных газет, в то время как метрового формата геббельсовские газеты используются для обвертки и курения. Своим справедливым словом подпольная печать поднимает народ на борьбу, на полный разгром злейшего врага всего человечества – фашизма”.
   Такую мэту ставілі перад сабой і другія выданні тых часоў – “Чырвоная звязда”, Baranavickaja Hazeta, “Беларуская газэта”, “За праўду”, “За Родину” і інш. Некаторыя з гэтых газет трапілі ў фонд музея дзякуючы Ноне Яфімаўне Якаўлевай – дачцэ камандзіра лідскага партызанскага злучэння Яфіма Данілавіча Гапеева.
   Звяртаюць на сябе ўвагу і сатырычныя выданні – лісток “Партызанская дубінка” і газета-плакат “Раздавім фашысцкую гадзіну”. Пачытаць іх цікава і сучаснікам – пачуццю гумару нашых дзядоў і прадзедаў можна толькі пазайздросціць. Бліжэй пазнаёміцца з друкаванымі выданнямі ваеннага перыяду можа кожны жадаючы. Экспазіцыя будзе працаваць да восені.
   Між тым, агляд калекцыі друкаваных выданняў стаў адным з момантаў цыкла мерапрыемстваў “Ішоў мой край дарогамі вайны…”, прысвечаных 70-годдзю Перамогі і падрыхтаваных Лідскім гісторыка-мастацкім музеем. На працягу цэлага тыдня супрацоўнікі музея запрашалі на цікавыя выставы, сустрэчы, экскурсіі, каб адкрыць для наведвальнікаў яшчэ больш невядомых старонах з гісторыі ВАВ і захаваць памяць пра падзеі тых гадоў.


Таццяна Жылінская

Последнее изменениеПятница, 07 августа 2015 12:08
Наверх

Принеманские вести

 © 2009-2019 Принеманские вести. Все права защищены. 
Полное или частичное использование материалов газеты и сайта допускается только с разрешения редакции.

Яндекс.Метрика

Принеманские вести. 2019

Войти на сайт через социальные сети.