НАВIНЫ З ДЗЯТЛАВА: ЧЫТАЮЦЬ КНІГІ СВЯТЛАНЫ АЛЕКСІЕВІЧ, ДЫПЛАМАНТ КОНКУРСУ, КІРА МАРЫЦЬ СТАЦЬ МАСТАКОМ, ЗАПЛАЦІ І СВЯТКУЙ СПАКОЙНА, БЯСПЕЧНЫ НОВЫ ГОД

ЧЫТАЮЦЬ КНІГІ СВЯТЛАНЫ АЛЕКСІЕВІЧ    У Дзятлаўскай бібліятэцы няма на паліцах кніг Святланы Алексіевіч, Нобелеўскага лаўрэата ў галіне літаратуры за 2015 год. Яе творы – у чытачоў, у тым ліку і падарункавы экземпляр, які Святлана Алексіевіч даслала па просьбе супрацоўнікаў бібліятэкі. Яе кнігі “У вайны -- не жаночае аблічча”, “Цынкавыя хлопчыкі”, “Чарнобыльская малітва” чытаюць дарослыя і моладзь. Улічваючы шматлікія запыты чытачоў, бібліятэкары заказалі апошні з яе твораў “Час сэканд-хэнд”, і кніга павінна паступіць на пачатку 2016 года.

ДЫПЛАМАНТ КОНКУРСУ

   Віталь Крэйдзіч, малады інвалід з Дзятлаўшчыны, удзельнічаў у рэспубліканскім конкурсе “Я – самы рэабілітаваны-2015”. Гэты конкурс праводзіла Беларускае таварыства інвалідаў па зроку. Ён прадугледжваў тры выпрабаванні – умець чытаць і пісаць па сістэме Брайля, мець навыкі работы з камп’ютарам, арыентавацца ў прасторы і сацыяльна-бытавым асяроддзі. Віталь Крэйдзіч паспяхова справіўся з усімі заданнямі і стаў дыпламантам, заняўшы другое месца.

КІРА МАРЫЦЬ СТАЦЬ МАСТАКОМ

   Адзін з буйнейшых Інтэрнэт-магазінаў Беларусі “OZ.BY” праводзіў нядаўна конкурс дзіцячага малюнка. Юным мастакам было прапанавана з дапамогай фарбаў, алоўкаў, фламастараў і паперы зазірнуць у будучыню: убачыць сябе праз 16 гадоў. Дзятлаўчанка Кіра Калюцік марыць стаць мастаком і яе работа “Я – мастак. Восень” увайшла ў тройку лепшых.

ЗАПЛАЦІ І СВЯТКУЙ СПАКОЙНА

   Напярэдадні Калядаў і Новага года прыбавілася клопатаў у работнікаў лесу: ім трэба берагчы лясы ад незаконных высечак елак. Для барацьбы з парушальнікамі работнікі Дзятлаўскага лясгаса праводзяць рэйды, патруляванні, устанавілі фотапасткі. А самым дзейсным спосабам папярэджання незаконных высечак з’яўляецца даступны продаж навагодніх дрэўцаў на ёлачным кірмашы ў Дзятлаве і лясніцтвах раёна. Цэны на зялёны тавар да трох метраў – у межах 100 тысяч рублёў.

БЯСПЕЧНЫ НОВЫ ГОД

   Пажарная служба Дзятлаўшчыны праводзіць акцыю “Бяспечны Новы год”, якая мае на мэце не дапусціць надзвычайных здарэнняў у час навагодніх і калядных святаў. Дзеля гэтага ўзмоцнена прафілактычная работа: ратаўнікі праводзяць гутаркі ў калектывах, установах, школах, на кантролі – навагоднія ранішнікі і выкарыстанне піратэхнічных вырабаў.

 

А. Радзіеўская

Наверх

Принеманские вести

 © 2009-2019 Принеманские вести. Все права защищены. 
Полное или частичное использование материалов газеты и сайта допускается только с разрешения редакции.

Яндекс.Метрика

Принеманские вести. 2019

Войти на сайт через социальные сети.