Трагiчны 1939...(з успамiнаў Вiнiцкай Г.Б.)

Здымак 1939 года: сям’я Фэлікса Столле ў “Новым дворыку”. I рад (сядзяць) злева направа: Фэлікс Столле, дачка Фэлікса Прыма Швыкоўская (Столле) з маленькай Анечкай, жонка Фэлікса Станіслава Столле (Краеўская). II рад злева направа: Лех Столле  —  малодшы сын Фэлікса, Станіслаў Столле — старэйшы сын Фэлікса. Здымак 1939 года: сям’я Фэлікса Столле ў “Новым дворыку”. I рад (сядзяць) злева направа: Фэлікс Столле, дачка Фэлікса Прыма Швыкоўская (Столле) з маленькай Анечкай, жонка Фэлікса Станіслава Столле (Краеўская). II рад злева направа: Лех Столле — малодшы сын Фэлікса, Станіслаў Столле — старэйшы сын Фэлікса.
Адна з форм работы школьнага гісторыка-краязнаўчага музея Бярозаўскай сярэдняй школы №3 — сустрэчы з цікавымі людзьмі г. Бярозаўкі. Нядаўна члены клуба “Пошук” наведалі старэйшую жыхарку горада, Вініцкую Галіну Браніславаўну, якая дапамагла ўявіць трагічны 1939 год і лёс сям’і Столле, заснавальнікаў нашага горада.

Школьныя краязнаўцы па крупіцах збіралі інфармацыю пра лёс гэтай сям’і: вялі перапіску з нашчадкамі Столле, вывучалі архіўныя дакументы, сустракаліся са старажыламі горада, звярталіся ў дзяржаўныя архівы РБ. 

28 верасня 1939 года быў арыштаваны службай НКУС Фэлікс Столле, тэхнічны дырэктар гуты “Нёман”. Спачатку знаходзіўся ў турме ў Лідзе, затым быў дастаўлены ў Баранавічскую турму. Да чэрвеня 1941 года ў турме яго наведвала жонка, Станіслава Краеўская. 8 чэрвеня 1941 года яна прыбыла апошні раз у турму — Фэлікса Столле тут ужо не было. 23 чэрвеня  1941 года Баранавічы былі абстраляны з паветра нямецкімі бамбардзіроўшчыкамі. Магчыма, тады і загінуў  Фэлікс Столле. Савецкія ўлады эвакуацыі з Баранавічскай турмы не праводзілі. Прычына, абставіны і месца смерці Фэлікса Столле застаюцца невядомымі, архівы далі адмоўны адказ.

5 лістапада 1939 года быў арыштаваны службай НКУС Браніслаў Столле, камерцыйны дырэктар “Нёмана”, вывезены ў Архангельск і ў 1941 годзе расстраляны.

У чэрвені 1941 года былі арыштаваны службай НКУС і іншыя члены сям’і Столле: Яніна Краеўская (жонка Браніслава), Станіслава Краеўская (жонка Фэлікса) з дачкой Прымай і ўнучкай Ганнай. Іх вывезлі ў СССР, дзе яны працавалі на лесанарыхтоўцы на ўсходнім беразе Енісея. У 1942 годзе ў Азінску трагічна загінула Прыма — дочка Фэлікса Столле. У 1946 годзе члены сям’і Столле былі рэпатрыіраваны ў Польшчу.

Трагічна склаўся лёс сыноў Фэлікса Столле. Пасля арышту бацькі Станіслаў і Лех уступілі ў АК Bohdanka Наваградскага краю.  Станіслаў, старэйшы сын Фэлікса Столле, быў цяжка паранены ў баi каля Уселюба і вывезены ў Варшаву. Пад час Другой сусветнай вайны перайшоў на бок амерыканцаў.

Лех, малодшы сын Фэлікса, арыштаваны службай НКУС у Бярозаўцы 8 верасня 1944 года. Выдаў яго ўладам працаўнік гуты “Нёман” — Васіль Брыль. У 1945 годзе асуджаны на 10 гадоў працоўнага лагера за прыналежнасць да белапольскай арганізацыі. Пакаранне адбываў з 23 верасня 1944 года па 2 верасня 1954 года ў спецыяльным лагеры “Пясчаным” Карагандыйскай вобласці, пры-значаным для палітычных зняволеных. У снежні 1955 года быў рэпатрыіраваны ў Польшчу.

Так пачынаўся шлях на Сібір усёй сям’і Столле…

Галіна Браніславаўна ўспамінае: “Мой бацька, Гінц Бра-ніслаў, працаваў да Другой сусветнай вайны на лесапілцы гуты “Нёман”, маці да замужжа працавала таксама на гуце мастаком па роспісу шкла. 

У верасні 1939 года мне было сем год, але я вельмі добра запомніла прыход Чырвонай арміі ў вёску “Шкляная гута “Нёман”. Мы, дзеці, гулялі ля Дома асветы. раптам з боку Наваградка мы заўважылі салдат Чырвонай арміі (у незвычайных шапках, якіх раней ніколі не бачылі). Салдаты вялі сябе пахабна, пералазілі праз плот у сад “Новага дворыка”, ламалі галінкі яблынь з яблыкамі, сядалі на коней і елі. Ля Дома асветы іх сустракалі з хлебам і соллю, але яны не затрымаліся надоўга, накіраваліся ў бок Ліды. Сярод людзей панавалі страх, трывога і няўпэўненасць. Жанчыны плакалі пры размове. Кожны дзень бацька прыходзіў з працы і прыносіў навіны пра тое, што адбываецца на гуце “Нёман”, у вёсцы і асабліва з сям’ёй Столле. З яго аповеду я даведалася, што ўжо на другі дзень пасля ўстанаўлення савецкай улады ў Бярозаўцы Фэлікс і Браніслаў Столле былі адхілены ад кіраўніцтва гутай і знаходзіліся пад хатнім арыштам. Супрацоўнікі НКУС правялі вобыск у канторы гуты і дамах сем’яў Столле з канфіскацыяй маёмасці. Фэліксу і Браніславу Столле было прадпісана не выходзіць з хаты за межы сада, толькі дазвалялася наведваць касцёл у нядзелю. У пачатку кастрычніка 1939 года мой тата прыйшоў дадому вельмі сумны і стомлены і сказаў, што раніцай арыштавалі Фэлікса Столле — выйшаў з хаты на хвіліну лёгка апрануты і не вярнуўся. Пазней даведаліся, што ён знаходзіцца ў турме ў Лідзе. Працаўнікі гуты хацелі сабраць подпісы ў абарону Фэлікса Столле, але, на жаль, многія баяліся падпісваць, і з гэтага нічога не выйшла. Праз два тыдні сем’ям Браніслава і Фэлікса Столле было прапанавана пакінуць іх дамы. У доме Фэлікса Столле пасяліўся камісар НКУС. 

Жанчыны з дзецьмі хадзілі па хатах і прасіліся на начлег, але людзі баяліся іх прыняць, хоць і спачувалі. Я помню, таксама, як заходзілі да нас у пошуку жылля. Нарэшце сем’і Столле знайшлі прытулак у сваіх родзічаў — у Генрыха Шалля. Амаль усіх членаў сям’і Столле, якія заставаліся ў Бярозаўцы, звольнілі з працы на гуце. На працу ўладкаваліся толькі трое з іх сям’і, якія за свой заробак утрымлівалі некалькі сем’яў Столле. Жанчыны наймаліся на працу да мясцовых жыхароў. Прыму Швыкоўскую (Столле), дачку Фэлікса, на працу не ўзялі, яна зарабляла тым, што дапамагала за кусок хлеба рабіць хатнюю працу людзям. Сям’я Столле была вельмі дружная, яны годна разам пераносілі ўсе цяжкасці і нягоды. 

У пачатку лістапада 1939 года  быў арыштаваны і Браніслаў Столле.

У пачатку чэрвеня 1941 года ў дом Шалляў уламаліся супрацоўнікі НКУС і загадалі ўсім членам сям’і Столле сабрацца ў адным пакоі, далі адну гадзіну на зборы і аб’явілі, што ўсе яны сасланы на 25 год у Сібір. Праз гадзіну сям’я была вывезена з Бярозаўкі ў накірунку Наваградка.”

 

Последнее изменениеЧетверг, 21 января 2016 16:21
Наверх

Принеманские вести

 © 2009-2019 Принеманские вести. Все права защищены. 
Полное или частичное использование материалов газеты и сайта допускается только с разрешения редакции.

Яндекс.Метрика

Принеманские вести. 2019

Войти на сайт через социальные сети.