Весткі рэгіёна: Дзятлаўшчына
- Автор Принеманские Вести
- размер шрифта уменьшить размер шрифта увеличить размер шрифта
- Опубликовано в Службы города сообщают
- Прочитано 1589 раз
- Печать
- Эл. почта
ЗА ДОБРУЮ ВУЧОБУ – ПРЭМІЯ
Прынята рашэнне аб ўстанаўленні штогадовых прэмій Дзятлаўскага раённага выканаўчага камітэта вучням школ раёна, якія дасягнулі высокіх вынікаў у вучобе.
НА НОВЫ ГОД ЗАДАЧЫ РАНЕЙШЫЯ
Дзятлаўская міліцыя падвяла вынікі сваёй работы за 2014 год і намеціла галоўныя накірункі дзейнасці ў новым годзе. Гэта прафілактычная работа з раней судзімымі грамадзянамі, схільнымі да праванарушэнняў жыхарамі горада і раёна, з падлеткамі і моладдзю, а таксама актыўнае супрацьдзеянне п’янству і алкагалізацыі насельніцтва.
ПАБЫЛІ НА МОЛАДЗЕВЫМ З’ЕЗДЗЕ
На з’ездзе БРСМ у Мінску пабылі тры прадстаўніцы моладзевага аб’яднання Дзятлаўшчыны. Гэта Настасся Чурай, Вольга Жых, Аксана Баброўнік. Настасся ўзначальвае раённую арганізацыю БРСМ, а Вольга і Аксана – актывісткі моладзевага руху раёна.
КАМПАНІЯ ПА ДЭКЛАРАВАННІ ДАХОДАЎ
На Дзятлаўшчыне працягваецца кампанія дэкларавання даходаў грамадзян. Да 2 сакавіка жыхары раёна (каму гэта неабходна) павінны падаць дэкларацыі аб сукупным гадавым даходзе ў Дзятлаўскую падатковую інспекцыю. З гэтай нагоды падаткавікі будуць працаваць не толькі ў рабочыя дні, а і 21, 28 лютага.
"НА БІС!" ВЫСТУПІЛІ Ў ДЗЯТЛАВЕ
Паспяхова прайшло ў Дзятлаве выступленне калектыву “Аллюр”, які прапагандуе цыганскія песні, музыку, танцы. Праграма “На біс!” спадабалася гледачам, бо прысутныя ў зале мелі магчымасць не толькі паслухаць і паглядзець выступленне, а і паўдзельнічаць у конкурсе, выявіць свае здольнасці, атрымаць аўтографы, сфатаграфавацца з артыстамі. Калектыў “Аллюр” даў магчымасць бясплатна паглядзець іх выступленне некалькім прадстаўнікам раённага таварыства інвалідаў.
СКОЎЦАМ – НОВАЯ АМБУЛАТОРЫЯ
Прыемны падарунак напрыканцы 2014 года атрымалі жыхары аграгарадка Хвінявічы і навакольных вёсак. На цэнтральнай сядзібе сельгаскааператыву адкрыта абноўленая амбулаторыя, дзе вяскоўцы могуць атрымаць кваліфікаваную медыцынскую дапамогу.
У амбулаторыі прадугледжаны некалькі кабінетаў – працэдурны, стаматалагічны, педыятрычны, назіральны, ёсць пакой, дзе могуць адпачыць работнікі медустановы. Камфортнае месца работы атрымаў загадчык амбулаторыі Віктар Акулевіч і яго падначаленыя – яшчэ шэсць чалавек.
НАВАГОДНІЯ ПАДАРУНКІ – ДЗЕЦЯМ
Сёлета васямнаццаты раз у Беларусі праходзіць дабрачынная акцыя “Нашы дзеці”, у час якой кіраўнікі розных узроўняў наведваюць дзіцячыя ўстановы, уручаюць навагоднія падарункі.
Па традыцыі пабыў у дзіцячым аддзяленні “Баравічок” санаторыя “Радон” дырэктар Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні Генадзь Балбатоўскі. Ён уручыў дзецям падарункі, а прыезджыя цыркавыя артысты паказалі цікавую праграму.
Адпачываюць цяпер у “Баравічку” дзеці з усёй Беларусі.
ГОСЦІ З-ЗА АКІЯНА
Да калядных і навагодніх святаў прымеркавалі свой прыезд у Дзятлава прадстаўнікі амерыканскай дабрачыннай місіі “Рука ў руцэ”. Тут яны пабылі ў аб’яднанні маладых інвалідаў “Праменьчык”, цэнтры для дзетак-інвалідаў: ладзілі канцэрты, уручалі падарункі, набытыя за сабраныя добраахвотныя ахвяраванні.
Пераважная большасць удзельнікаў гэтай місіі – нашчадкі тых, хто даўно выехаў за акіян, але памятае радзіму.
ВІНШАВАННІ – ВЕТЭРАНУ ВАЙНЫ
2014 год стаў адметным для жыхара гарпасёлка Наваельня, ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Івана Іванавіча Костана. Ён прымаў віншаванні не толькі з 70-годдзем вызвалення Беларусі, але і са сваёй вельмі важнай датай – 90-м днём нараджэння.
Нядаўна юбіляра павіншавалі прадстаўнікі ветэранскай арганізацыі, школьнікі і моладзь. Іван Іванавіч запэўніў, што абавязкова сустрэне і наступную дату – 70-годдзе Вялікай Перамогі, а там, дасць Бог, і свой соты юбілей.
ПРЫДУМАЎ ДОБРУЮ ГУЛЬНЮ
Да 70-годдзя Перамогі прымеркаваны рэспубліканскі конкурс камп’ютарных гульняў “Патрыёт.by”.
Паспяховым быў удзел у ім вучня Казлоўшчынскай школы Ягора Юрчыка і яго настаўніцы Алы Іванаўны Пякарскай. Работа Ягора заняла трэцяе месца. За распрацоўку камп’ютарнай гульні школьнік адзначаны дыпломам трэцяй ступені і прэміяй.
СУСТРЭЧА З МОЛАДДЗЮ
Традыцыйнымі сталі на Дзятлаўшчыне сустрэчы кіраўніцтва раёна з маладымі спецыялістамі. Напрыканцы 2014 года такое мерапрыемства прайшло ў раённым Доме культуры.
Моладзь, якая нядаўна прыехала на працу ў раён, мела магчымасць агучыць свае праблемы, задаць пытанні прадстаўнікам розных службаў.
Для маладых спецыялістаў, якія прыбылі з іншых мясцін, дзеля знаёмства з Дзятлаўшчынай была наладжана экскурсія: ім паказалі аграгарадок Раклевічы, санаторый “Радон”, музей “Дзеці ліхалецця” ў Наваельні, Дварэцкі льнозавод.
ЗАВЯРШЫЛАСЯ АКЦЫЯ “НАШЫ ДЗЕЦІ”
На працягу месяца доўжылася на Дзятлаўшчыне навагодняя дабрачынная акцыя “Нашы дзеці”. Падчас гэтага мерапрыемства ў школах, пазашкольных установах, садках, дзіцячых дамах дзеці атрымалі падарункі, удзельнічалі ў ранішніках і святах.
Для дзяцей-інвалідаў, дзяцей-сірот і адораных дзяцей былі наладжаны тры раённыя святы. Дзесяць школьнікаў атрымалі запрашэнні на абласную навагоднюю ёлку, а дзве вучаніцы Настасся Вербаль і Маргарыта Мартулёва ездзілі на Прэзідэнцкую ёлку ў Мінск.
ПАДАРУНАК АД ПРАДПРЫМАЛЬНІКА
Прыемны падарунак напярэдадні калядных святаў атрымалі наведвальнікі аддзялення “Праменьчык” для маладых інвалідаў ад прыватнага прадпрымальніка Пятра Малькоўскага, які займаецца пасажырскімі перавозкамі. Групу маладых інвалідаў ён бясплатна звазіў у Лаўрышаўскі манастыр. Там для дзятлаўскіх паломнікаў манахі наладзілі экскурсію і трапезу.
А. Радзіеўская