Logo
Версия для печати

Весткі рэгіёна: Дзятлаўшчына Избранное

   КРАСА  ДЗЯТЛАЎШЧЫНЫ    Конкурс “Краса Дзятлаўшчыны” стаў традыцыйным і право-дзіўся сёлета чацвёрты раз. Прыняць удзел у ім адважыліся 7 дзяўчат, якія жывуць і працуюць у Дзятлаве.    Для канкурсантак арганізатары прадугледзелі выпрабаванні, якія патрабавалі не толькі вабнасці і густу, але і творчых здольнасцяў, інтэлекту, кулінарных уменняў. Кожная з удзельніц павінна была падрыхтаваць хатняе заданне, а гэта значыць, праз песню, танец, дэкламацыю паказаць свае здольнасці. У “візітоўцы” трэба было расказаць пра сябе, сваю працу і захапленні. Праз дэфіле ў вячэрніх сукенках дзяўчаты павінны былі прадэманстраваць сваю зграбнасць і вытанчанасць, а ў конкурсе амазонак – фантазію і тэатральныя здольнасці.    Гледачам у зале найбольш спадабалася прадстаўніца цэнтральнай раённай бальніцы Юлія Талкун. Ёй дастаўся прыз сімпатыі гледачоў. Варта зазначыць, што ў раённай бальніцы працуе шмат прыгажуняў і гэта ўстанова пастаянна вылучае да ўдзелу сваіх прадстаўніц, якія займаюць у конкурсе высокія месцы.


   Тытул “Міс абаяльнасць” дастаўся Бажэне Жылінскай, якая працуе ў Дзятлаўскім філіяле Гродзенскага аблспажыўтаварыства. “Міс індывідуальнасць” стала Кацярына Заенчкоўская, прадстаўніца ясляў-сада №1 горада Дзятлава. “Міс фота” прызнана Юлія Бікс, якая працуе ў Дзятлаўскай школе мастацтваў.
   З першага конкурсу візітовак лідарства ў конкурсе захапіла Алена Кулікова, якая працуе ў разлікова-касавым цэнтры ААТ “ААБ Беларусбанк” у Дзятлаве. Маючы моцную каманду падтрымкі на чале з начальнікам РКЦ Наталляй Барцэвіч, дзяўчына ўпэўнена ішла да перамогі і атрымала яе. Так, Алена Кулікова стала пераможцай конкурсу “Краса Дзятлаўшчыны-2014”. Ёй дастаўся галоўны прыз – турыстычная паездка на Каляды ў Рыгу, Стакгольм, Вільнюс.
   Званне “Першая віцэ-міс” журы прысудзіла Таццяне Калодка, педагогу Дзятлаўскай школы мастацтваў, а тытул “Другая віцэ-міс” дастаўся Ірыне Кулеш, якая працуе ў яслях-садку №2 горада Дзятлава.
   Усе прыгажуні атрымалі кветкі, падарункі, апладысменты глядацкай залы. Для ўсіх прысутных спявалі лепшыя артысты раёна.


А. Радзіеўская

Последнее изменениеПятница, 07 августа 2015 12:08
Принеманские вести. 2019