Заслужаная пашана – за задуманае і рэалізаванае Избранное
- Автор Принеманские Вести
- размер шрифта уменьшить размер шрифта увеличить размер шрифта
- Опубликовано в Общество
- Прочитано 1244 раз
- Печать
- Эл. почта
Галоўнае святочнае мерапрыемства разгарнулася ў актавай зале пасля заняткаў. Педагогі сумесна з вучнямі падрыхтавалі музычна-забаўляльную праграму, падчас якой можна было даведацца і пра многае цікавае з жыцця юбіляра.
Нарадзіўся Анатоль Леанідавіч на Лідчыне ў вёсцы Мастаўляны ў сям’і настаўнікаў. Дзяцінства праходзіла як у самага звычайнага хлопчыка – мог і ў чужы сад залезці, і бойку распачаць, калі пакрыўдзяць. Закончыў Парэцкую сярэднюю школу, затым кароткі час працаваў слесарам на заводзе “Лідсельмаш”, з’яўляўся брыгадзірам моладзевай брыгады. Пасля ў біяграфіі юбіляра мелі месца старонкі, пра якія ён па сённяшні дзень можа расказваць доўга і з задавальненнем. Гэта служба на Балтыйскім і Чарнаморскім флатах. Анатоль Леанідавіч хадзіў у дальнія паходы, 48 разоў перасякаў экватар, выконваў інтэрнацыянальны абавязак у афрыканскіх краінах.
Шлях да настаўніцкай дзейнасці пачаўся з універсітэцкіх сцен. У 1982 годзе Анатоль Леанідавіч атрымаў дыплом гістарычнага факультэта Гомельскага дзяржуніверсітэта. І перад маладым чалавекам адкрыўся такі прастор для выбару! Але не зманілі яго перспектывы працы ў Гомелі, карані ўзялі сваё. І ўжо з маладой жонкай – Наталляй Фёдараўнай – ён вяртаецца на родную Лідскую зямлю і ідзе працаваць дырэктарам 8-гадовай школы ў вёсцы Сямашкі. Хутка новае назначэнне. У 1984 годзе святочную лінейку ў Бердаўскай сярэдняй школе адкрыў новы дырэктар – Анатоль Леанідавіч Крупа.
Беглі дні, тыдні, гады, дзесяцігоддзі... І увесь гэты час наш юбіляр клапаціўся пра лёс даверанай яму навучальнай установы, сумленна выкладаў школьнікам не толькі гісторыю, але і некаторыя неабходныя жыццёвыя ўрокі. Імкнуўся прывіць хлопчыкам і дзяўчынкам любоў да роднага краю і мовы. Адзін толькі школьны краязнаўчы музей можа скласці славу Анатолю Леанідавічу – колькі клопату і сіл сюды было ўкладзена. Хутка яго тварэнне папоўніць спіс цікавых для наведвання аб'ектаў Лідчыны. Калегі захапляюцца яго энтузіязмам і вытрымкай і вельмі паважаюць за арганізаванасць і тактоўнасць, за чуласць і добразычлівасць. Таму асабліва старанна папрацавалі і над віншавальнай праграмай, шчыра ха-целі прыемна ўразіць юбіляра.
Яшчэ напярэдадні дня нараджэн-ня яны задалі яму некаторыя пытанні пра жыццё, захапленні і многае другое – тыя, што і дзесяць гадоў таму назад – напярэдадні 50-годдзя. Уразіла, што адказы былі зусім іншымі. Усе, акрамя аднаго. Нязменнай засталася любімая песня юбіляра – “Аксамітны летні вечар”, якую для яго і выканалі вучні дзесятага класа. А лепшы падарунак да 60-гадовага юбілею – любоў родных і блізкіх, павага калег-педагогаў, былых выпускнікоў і цяперашніх вучняў, а таксама многіх іншых знаёмых, якім даводзілася сустракацца з гэтым чалавекам.
Акрамя ўсяго гэтага, на сённяшні дзень Анатоль Леанідавіч галоўным сваім дасягненнем лічыць трывалую сям'ю – жонку, дзяцей, унукаў. Таксама ён ганарыцца тым, што застаецца запатрабаваным як спецыяліст, і марыць, каб у яго школе з’явіліся самыя перадавыя тэхналогіі, а прафесія настаўніка стала асабліва прэстыжнай. У планах юбіляра і напісанне кнігі (нават не адной) – пра жыццё, сваіх родных і блізкіх, пра родны край, яго гісторыю… Шмат і другіх задумак у Анатоля Леанідавіча, таму, мяркуем, да наступнага юбілею яму хопіць часу, каб іх здзейсніць, чаго мы яму і жадаем.
Таццяна Жылінская