Весткі рэгіёна: Дзятлаўшчына
- Автор Принеманские Вести
- размер шрифта уменьшить размер шрифта увеличить размер шрифта
- Опубликовано в Дятлово
- Прочитано 2349 раз
- Печать
- Эл. почта
ГІМНАЗІЯ ПАЦВЕРДЗІЛА СВой статус
Дзятлаўская гімназія, адзіная навучальная ўстанова такога тыпу ў раёне, паспяхова прайшла акрэдытацыю на адпаведнасць свайму статусу. Днямі аб’яўлены конкурсны адбор у 5-ы клас гімназіі, а на 16 мая прызначаны Дзень адчыненых дзвярэй.
ВЫЗНАЧАНЫ ЛЕПШЫЯ ЗНАЎЦЫ ГІСТОРЫІ
Падведзены вынікі раённага этапа абласной віктарыны “Гераічнаму подзвігу жыць у вяках”. Пераможцамі яе сталі вучні Хвінявіцкай школы, а ў індывідуальным заліку найлепш справіўся з заданнямі вучань СШ №3 г. Дзятлава Вадзім Кібінь. Яго адказы накіраваны ў абласны савет ветэранаў для ўдзелу ў абласным этапе віктарыны.
ДЗЕНЬ ПРАВАСЛАЎНАЙ КНІГІ
У Дзятлаўскай раённай бібліятэцы прайшоў Дзень праваслаўнай кнігі. Сёлета ён прымеркаваны да 1000-годдзя з дня смерці святога роўнаапостальнага князя Уладзіміра, хрысціцеля Русі. Бібліятэкары падрыхтавалі для гасцей выставу кніг, прэзентацыю, запрасілі да ўдзелу благачыннага цэркваў Дзятлаўскай акругі Мікалая Пінчука.
НОВАЯ ВЫСТАВА ЖЫВАПІСУ
У Палацы мастацтваў горада Мінска адкрылася чарговая выстава жывапісу. У ёй зноў удзельнічаюць дзятлаўчане – мастакі Іван і Юрый Козелы. У галерэі выстаўлены работы класічнага і авангарднага накірункаў.
СТАРШЫНЯ НА НОВЫ ТЭРМІН
Адбыўся справаздачны сход Дзятлаўскай арганізацыі паляўнічых і рыбаловаў, якая налічвае каля 250 чалавек. Пра тое, чым займалася аб’яднанне на працягу мінулага года, паведаміў яе кіраўнік Аляксандр Шчыкарэвіч. Ён абраны старшынёй на наступны тэрмін.
“ДЗЕНЬ ДОБРЫ, СВЕТ!”
Пад такой назвай праходзіў абласны агляд-конкурс дзіцячай творчасці. У конкурсе юных чытальнікаў вершаў паспяхова выступіла вучаніца Круцілавіцкай школы Вера Сёмуха: яна заняла трэцяе месца.
ВІЦЭ-ЧЭМПІЁН – “БЕЛТЭРМІЗ”
Закончыліся гульні каманд вышэйшай лігі на чэмпіянаце вобласці па валейболу. Дзятлаўская жаночая валейбольная каманда “Белтэрміз” у фінальным паядынку праіграла спартсменкам з Гродзенскага ўніверсітэта. Аднак гэта значны поспех каманды: летась “Белтэрміз” меў толькі бронзу.
АРХИВ
ПЕРАМОЖЦЫ РАЁННАГА СПАБОРНІЦТВА
Падведзены вынікі раённага працоўнага спаборніцтва сярод калектываў прадпрыемстваў, устаноў, арганізацый Дзятлаўшчыны. Сярод пера-можцаў – Вензавецкі сельвыканкам, сельгаскааператыў “Жукоўшчына”, першая школа і другі дзіцячы садок горада Дзятлава, раённы Дом культуры, Дварэцкая сельская бібліятэка, Жукоўшчынскі ФАП, Парэцкая амбулаторыя. Для пераможцаў прадугледжаны дыпломы і грашовыя прэміі.
БУДЗЕ АБНОЎЛЕНА ДОШКА ГОНАРУ
Да Свята працы ў Дзятлаве будзе абноўлена раённая Дошка гонару. На яе будуць змешчаны 18 фотапартрэтаў лепшых працаўнікоў па выніках працы за 2014 год. Сярод іх – даярка з СВК “Граніт-Агра” Святлана Кардаш, майстар-сырароб Дзятлаўскага сыраробнага завода Наталля Лях, трактарыст Дварэцкага льнозавода Аляксандр Мазура, медсястра райбальніцы Святлана Семяновіч, настаўніца гімназіі горада Дзятлава Святлана Кетка. Занесены на раённую Дошку гонару таксама калектывы Дзятлаўскага прадпрыемства меліярацыйных сістэм, СВК “Жукоўшчына”, Вензавецкага сельвыканкама, СШ №1 горада Дзятлава.
БЯРОЗКІ – ДА ЮБІЛЕЮ ПЕРАМОГІ
Моладзь Дзятлаўшчыны разам з работнікамі лесу ўдзельнічала ў пасадцы 70 дрэўцаў у аграгарадку Вензавец. Прымеркавана працоўная акцыя да 70-годдзя Вялікай Перамогі. Кожная з 70 бярозак сімвалізуе мірны час нашай краіны.
СВЯТА БЫЛЫХ РАКЕТЧЫКАЎ
Да 55-й гадавіны ўтварэння ракетных войскаў стратэгічнага прызначэння была прымеркавана ўрачыстасць, якая адбылася ў пасёлку Гезгалы – былым ваенным гарадку ракетчыкаў. На ўрачысты сход сабраліся былыя вайскоўцы. Ветэраны-ракетчыкі прыгадалі гады службы, атры-малі памятныя ўзнагароды, шматлікія віншаванні. Работнікі культуры і школьнікі падрыхтавалі для прысутных святочную канцэртную праграму.
ВЕЛІКОДНАЯ ВЫСТАВА
У Дзятлаўскім гісторыка-краязнаўчым музеі праходзіць выстава “Свята Вялічка з чырвоным яечкам”. Яна прымеркавана да Уваскрэсення Хрыстова. На выставе прадстаўлены велікодныя кампазіцыі, вырабленыя рукамі юных і сталых майстроў.
ДЗЕЦІ СЛАВЯЦЬ ХРЫСТА
Да велікоднага свята дзеці, якія наведваюць нядзельную школу пры храме Прэабражэння Гасподня ў горадзе Дзятлаве, падрыхтавалі сваё прадстаўленне. Такія выступленні на сцэне раённага Дома культуры сталі традыцыяй: яны праходзяць двойчы на год – да Нараджэння Хрыста і Уваскрэсення Гасподня.
КВЕТКІ Ў МУЗЕІ
Вясна прыйшла ў Дзятлаўскі гісторыка-краязнаўчы музей: тут “зацвілі” гіяцынты, архідэі, ружы, цюльпаны. Пабачыць гэтую прыгажосць, зробленую з каляровай паперы, кардону, стужак, скуры і іншага матэрыялу, можна на выставе фларыстыкі. Аўтарамі работ з’яўляюцца дзеці і дарослыя.
ЛАКОТКА З КУЗЬМІЧОЎ
Дзятлаўшчына ганарыцца сваімі слыннымі землякамі. У вёсцы Кузьмічы нарадзіўся Аляксандр Іванавіч Лакотка – акадэмік, доктар гістарычных навук, прафесар, дырэктар Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя К. Кра-півы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. На яго рахунку – звыш 20 кніг і 30 манаграфій па актуальных праблемах аховы гістарычнай і культурнай спадчыны нашай краіны. У студзені Аляксандр Іванавіч Лакотка адзначыў свой юбілей – яму споўнілася 60 гадоў.
“СОНЦА, МАМА І КВЕТКІ”
Пад такой назвай праходзіў раённы конкурс фларыстыкі сярод вучняў і педагогаў. У намінацыі “Вясновая фантазія” перамаглі вучаніцы Круцілавіцкай школы Настасся Жых і Вольга Сёмуха, а ў намінацыі для педагогаў “Цуд у кошыку” – настаўніца Дварэцкай школы Святлана Аляксееўна Вінцукевіч.
ПРАЦУЮЦЬ ТВОРЧЫЯ СТУДЫІ
У дзятлаўскіх дзяцей і падлеткаў карыстаецца папулярнасцю студыя акрабатыкі і цыркавога майстэрства, якая працуе пры раённым Доме культуры. Акрабатычнае і цыркавое майстэрства моладзь асвойвае пад кіраўніцтвам Валерыя Герасіменкі, які пераехаў у Дзятлава з Ліды. Яшчэ адна лідчанка – Наталля Смірнова – навучае дзятлаўскіх дзяцей сучасным танцам у студыі Dance colour.
СВЯТКІ.BY
У Дзятлаве адбылася традыцый-ная сустрэча-агеньчык маладых спе-цыялістаў “Святкі.by”. Запрашэнне на яе атрымалі прадстаўнікі моладзевых калектываў горада і раёна. У час сустрэчы маладыя людзі мелі магчымасць пазнаёміцца, прыняць удзел у шматлікіх конкурсах, паслухаць канцэртную праграму, выявіць свае творчыя здольнасці.
ФЕСТЫВАЛЬ МАЛАДЫХ СПЕВАКОЎ
У Дзятлаўскім раённым Доме культуры прайшоў фестываль патрыятычнай песні, прымеркаваны да 70-годдзя перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне і Года моладзі. У ім удзельнічалі вакальныя групы, трыа, дуэты, салісты з Дзятлава, Наваельні, Казлоўшчыны, Гезгалаў, Вензаўца, Белагурна. А вось да ўдзелу ў абласным этапе фестывалю, які адбудзецца ў Гродне, журы выбрала салістку з Вензавецкай школы Яну Мармыш.
А. Радзіеўская