ДЗЯТЛАВА ПРЫМАЛА ГАСЦЕЙ Избранное

ДЗЯТЛАВА ПРЫМАЛА ГАСЦЕЙ
   У пятніцу, 13 лістапада, у Дзятлаве праходзіў абласны фестываль-кірмаш працаўнікоў вёскі “Дажынкі-2015”.

   Не варта верыць прымхам: маўляў, пятніца 13-га – няўдалы дзень. Дзятлаўчанам пашанцавала і з надвор’ем (а напярэдадні і на наступны дзень пасля свята былі дождж і моцны вецер), і месца хапіла ўсім, і свята прайшло, як меркавалася. Адзінае, чаго дзятлаўчане і госці не дачакаліся, гэта шоу парашутыстаў. Але і без яго хапала на што паглядзець.

   Асабліва багата былі прадстаўлены на фестывалі-кірмашы народныя промыслы. Прыватныя прадпрымальнікі і раённыя Дамы рамёстваў прывезлі такое мноства вырабаў, што вочы разбягаліся – упрыгажэнні, мяккія цацкі, вязаныя рэчы, карціны і малюнкі, магніты, драўляныя і керамічныя сувеніры, вырабы з бісеру, салёнага цеста, рознакаляровых стужак, паперы, тканіны.

   Прыдбаць сабе сувенір-напамін пра дзятлаўскія “Дажынкі” мог кожны жадаючы. Варта зазначыць, што пастараліся і дзятлаўскія паштавікі, якія прапаноўвалі не толькі паштоўкі з выявамі адметных месцаў сталіцы сёлетніх абласных “Дажынак”, а і канверты з памятным штэмпелем, шматлікія сувеніры дажынкаўскай тэматыкі, магніты.

   На фестывалі-кірмашы занятак быў і для дарослых, і для малечы, і для моладзі. Паколькі ладзіліся выставы-продажы харчовых і прамысловых тавараў, то гаспадыні мелі магчымасць набыць разнастайныя прадукты і рэчы па памяркоўных цэнах. Ваўкавыскі, Гродзенскі, Слонімскі мясакамбінаты, Скідальскі агракамбінат завезлі мясныя вырабы, лідчане прапаноўвалі муку і мучныя прадукты, дастаткова было малочных вырабаў і сыроў ад “Малочнага свету” і “Сырнай краіны”, а шырокі асартымент выпечкі мелі гандлёвыя кропкі Навагрудка, Гродна, Дзятлава.

   Да свята працаўнікоў вёскі дзятлаўскія хлебапёкі спяклі  амаль 100-кілаграмовы каравай. Падчас урачыстага шэсця пераможцаў абласных спаборніцтваў яго неслі чацвёра асілкаў, а затым усталявалі на сцэне Цэнтра культуры, дзе праходзіла шанаванне перадавікоў. Прыгожымі караваямі сустракалі і дэлегацыі на межах Дзятлаўскага раёна, а ў фае ўстановы культуры была наладжана выстава караваяў з іншых раёнаў Гродзеншчыны. Адмысловы шмат’ярусны каравай атрымаўся ў слонімскіх хлебапёкаў. Пэўна дапамог вопыт мінулагодніх “Дажынак”, калі свята прымаў Слонім.

   Моладзь на свяце таксама не сумавала. Арганізатары прапанавалі прыняць удзел у разнастайных конкурсах, эстафетах, забавах – праграме “Вясковая вясёлая эстафета”. А ўрэшце рэшт самай вясёлай, спрытнай, спартыўнай аказалася моладзь, якая прыехала на свята з Мастоў.

   Для малечы прадаваліся шары, салодкая вата, папкорн, цацкі. Іх чакалі забавы на батутах, а самае жаданае – катанне на поні, якіх прывезлі з Віцебшчыны. Маленькія модніцы маглі заказаць сабе адмысловы макіяж – з кветкамі, матылькамі, кашачымі вусамі. І працы ў вулічных візажыстаў, мастакоў хапала.

   Галоўнай падзеяй свята стала шанаванне працаўнікоў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчых прадпрыемстваў. У Цэнтры культуры праходзіла цырымонія ўзнагароджвання, на якой прысутнічалі намеснік прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь  Міхаіл Русы, старшыня Гродзенскага  аблвыканкама Уладзімір Краўцоў, старшыні райвыканкамаў, заслужаныя ветэраны сельскай гаспадаркі. Прыемна, што сярод ушанаваных ёсць прадстаўнікі гаспадароў свята – дзятлаўчане. Гэта шматразовы ўдзельнік рэспубліканскіх і абласных “Дажынак” Уладзімір Гукіш з сельгаскааператыву “Граніт-Агра”. Ён стаў пераможцам абласнога спаборніцтва сярод старшых камбайнераў. Яшчэ адзін прадстаўнік гэтай гаспадаркі – Віталь Болтач – стаў пераможцам спаборніцтва сярод маладых вадзіцеляў на жніве-2015. На свяце таксама былі адзначаны даяркі з сельгаскааператыву “Хвінявічы” Алена Шыпіла, Аксана Варанецкая, Алена Яраш. Гэта звяно стала пераможцам абласнога спаборніцтва сярод аператараў машыннага даення.

   Калі ж казаць пра гаспадаркі Гродзеншчыны, то самы важкі хлебны “каравай” – у працаўнікоў сельгаскааператыву “Прагрэс-Верцялішкі” Гродзенскага раёна, дзе сёлета атрымалі ў сярэднім з гектара па 104,1 цэнтнера зерня. Такі намалот – за 100 цэнтнераў – мелі толькі дзве гаспадаркі на ўсю Беларусь.

   Працаўнікі палёў, фермаў, перапрацоўчых прадпрыемстваў, абслугоўваючых арганізацый атрымалі на свяце свае заслужаныя ўзнагароды. А прыемным дапаўненнем да грамат, дыпломаў, прэмій, падарункаў сталі песні. Іх дарылі і са сцэны Цэнтра культуры, і са шматлікіх канцэртных пляцовак, і на тэматычных падворках фальклорныя калектывы, гурты “Беларускі гасцінец”, “Белыя росы”, “Бліскавіца”, “Гудскі гармонік”, любімы многімі  заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь “Бяседа”, а таксама салісты Вольга Плотнікава, Саша Нэма, фіналісты рэспубліканскага вакальнага конкурсу, які праводзіла Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі.

   У Цэнтры культуры цырымонія ўзнагароджвання перадавікоў завяршылася ўрачыстай перадачай сімвалічнага вымпела Воранаўскаму раёну, які будзе прымаць гасцей фестывалю-кірмашу “Дажынкі-2016”.

   На наступны год жыхароў Воранаўшчыны чакаюць такія ж клопаты і турботы, прыемныя і, магчыма, не зусім жаданыя моманты, якія спазналі дзятлаўчане.

А. Радзіеўская

 

   На фотаздымках: святочная калона ўдзельнікаў фестывалю-кірмашу “Дажынкі-2015”; дэлегацыя Лідскага раёна; на сцэне – “Гудскі гармонік”; узнагароду пераможцу абласнога спаборніцтва на жніве-2015 камбайнеру СВК “Граніт-Агра” Дзятлаўскага раёна Уладзіміру Гукішу ўручае першы намеснік старшыні Гродзенскага аблвыканкама Іван Жук.     

Последнее изменениеВторник, 17 ноября 2015 09:16
Наверх

Logo PV

 © 2009-2022 Принеманские вести. Все права защищены. 
Полное или частичное использование материалов газеты и сайта допускается только с разрешения редакции.

Яндекс.Метрика

Принеманские вести. 2019

Войти на сайт через социальные сети.