НАВIНЫ З ДЗЯТЛАВА: ЧЫТАЮЦЬ КНІГІ СВЯТЛАНЫ АЛЕКСІЕВІЧ, ДЫПЛАМАНТ КОНКУРСУ, КІРА МАРЫЦЬ СТАЦЬ МАСТАКОМ, ЗАПЛАЦІ І СВЯТКУЙ СПАКОЙНА, БЯСПЕЧНЫ НОВЫ ГОД
- Автор Принеманские Вести
- размер шрифта уменьшить размер шрифта увеличить размер шрифта
- Опубликовано в Дятлово
- Прочитано 1400 раз
- Печать
- Эл. почта
ДЫПЛАМАНТ КОНКУРСУ
Віталь Крэйдзіч, малады інвалід з Дзятлаўшчыны, удзельнічаў у рэспубліканскім конкурсе “Я – самы рэабілітаваны-2015”. Гэты конкурс праводзіла Беларускае таварыства інвалідаў па зроку. Ён прадугледжваў тры выпрабаванні – умець чытаць і пісаць па сістэме Брайля, мець навыкі работы з камп’ютарам, арыентавацца ў прасторы і сацыяльна-бытавым асяроддзі. Віталь Крэйдзіч паспяхова справіўся з усімі заданнямі і стаў дыпламантам, заняўшы другое месца.
КІРА МАРЫЦЬ СТАЦЬ МАСТАКОМ
Адзін з буйнейшых Інтэрнэт-магазінаў Беларусі “OZ.BY” праводзіў нядаўна конкурс дзіцячага малюнка. Юным мастакам было прапанавана з дапамогай фарбаў, алоўкаў, фламастараў і паперы зазірнуць у будучыню: убачыць сябе праз 16 гадоў. Дзятлаўчанка Кіра Калюцік марыць стаць мастаком і яе работа “Я – мастак. Восень” увайшла ў тройку лепшых.
ЗАПЛАЦІ І СВЯТКУЙ СПАКОЙНА
Напярэдадні Калядаў і Новага года прыбавілася клопатаў у работнікаў лесу: ім трэба берагчы лясы ад незаконных высечак елак. Для барацьбы з парушальнікамі работнікі Дзятлаўскага лясгаса праводзяць рэйды, патруляванні, устанавілі фотапасткі. А самым дзейсным спосабам папярэджання незаконных высечак з’яўляецца даступны продаж навагодніх дрэўцаў на ёлачным кірмашы ў Дзятлаве і лясніцтвах раёна. Цэны на зялёны тавар да трох метраў – у межах 100 тысяч рублёў.
БЯСПЕЧНЫ НОВЫ ГОД
Пажарная служба Дзятлаўшчыны праводзіць акцыю “Бяспечны Новы год”, якая мае на мэце не дапусціць надзвычайных здарэнняў у час навагодніх і калядных святаў. Дзеля гэтага ўзмоцнена прафілактычная работа: ратаўнікі праводзяць гутаркі ў калектывах, установах, школах, на кантролі – навагоднія ранішнікі і выкарыстанне піратэхнічных вырабаў.
А. Радзіеўская