Logo
Версия для печати

Весткі рэгіёна: Дзятлаўшчына

Адзначылі Дзень памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў і Дзень святога Валянціна.

ПАМЯЦІ ВОІНАЎ-ІНТЭРНАЦЫЯНАЛІСТАЎ

Кожны год 15 лютага, у Дзень памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў, былыя афганцы збіраюцца ля помніка ў Дзятлаве на мітынг-шанаванне. Гэта ўжо традыцыя – сустрэцца ў Дзятлаве, а затым з’ездзіць на магілы загінуўшых у Афганістане Дзмітрыя Лазовіка і Аляксандра Шылава.

У мітынгу-шанаванні традыцыйна прымаюць удзел моладзь, школьнікі, прадстаўнікі раённага ваеннага камісарыята. Яны ўскладваюць вянкі, кветкі, гірлянды. Сёлета таксама ва ўрачыстай абстаноўцы былі ўручаны памятныя ўзнагароды былым воінам-інтэрнацыяналістам Алегу Галавенку і Мікалаю Лябецкаму.

ВАЛАНЦЁРЫ ПАДАРЫЛІ ВАЛЯНЦІНКІ

Адметна прайшоў Дзень святога Валянціна ў аддзяленні для маладых інвалідаў “Праменьчык”. Да моладзі прыходзілі валанцёры-школьнікі, якія прапанавалі конкурсы, гульні, забавы. Затым дзеці падарылі прысутным валянцінкі.

Не засталіся ўбаку і прадстаўнікі раённай арганізацыі “Чырвонага Крыжа”. Яны падрыхта-валі свае сувеніры, сардэчкі-налепкі, пачастункі. У час мерапрыемства была ўшанавана сямейная пара – Анжэла і Дзмітрый Абярухціны. Яны якраз у лютым адзначаюць юбілей свайго шлюбу.

ВЫНІКІ АГЛЯДУ-КОНКУРСУ

Падведзены вынікі агляду-конкурсу на лепшую арганізацыю аховы працы і прафілактыкі вытворчага траўматызму ва ўстановах адукацыі Дзятлаўскага раёна, у якім прымалі ўдзел 19 устаноў. Першае месца прысуджана двум установам адукацыі – Наваельнянскай сярэдняй школе і Цэнтру творчасці дзяцей і моладзі горада Дзятлава.

ЯК ДЗЕЙНІЧАЦЬ У ЧАС НЕБЯСПЕКІ

Многія ўстрывожана спыняліся, калі да Дзятлаўскай гімназіі паспяшаліся машыны з пажарнымі, медыкамі, міліцыяй. На самой справе тут нічога дрэннага не адбылося, а прайшло вучэнне, як дзейнічаць у час небяспекі. 

Была “заўважана” падазроная знаходка і аб’яўлена тэрміновая эвакуацыя.

Як зладжана дзейнічаць у экстрэмальнай сітуацыі, навучаліся ўдзельнікі семінару, які праводзіўся тут для прадстаўнікоў устаноў адукацыі Дзятлаўшчыны.

ДЭКЛАРАВАННЕ ДАХОДАЎ

На Дзятлаўшчыне працягваецца кампанія па дэклараванні даходаў, якія былі атрыманы грамадзянамі ў 2015 годзе. З гэтай прычыны мясцовая падатковая інспекцыя падоўжыла час сваёй працы да 19 гадзін у рабочыя дні.

А вось па пытаннях падаткаабкладання нядаўна былі наладжаны “прамыя лініі” і выязны прыём кіраўніком абласной падатковай інспекцыі Лідзіяй Сямашка.

НОВАЯ НАЗВА ПРАДПРЫЕМСТВА

Пасля рэарганізацыі Дзятлаўскі гаргаз атрымаў назву “Дзятлаўскі раён газазабеспячэння” і ўвайшоў у склад вытворчага ўпраўлення “Слонімрайгаз”. Разам з новай назвай газавікі атрымалі і рэканструяваны адміністрацыйны будынак. Там створаны ўмовы як для работнікаў, так і для наведвальнікаў. А працуе цяпер у “Дзятлаўскім раёне газазабеспячэння” крыху больш за 70 чалавек.

СПАРТЫЎНЫ СЕЛЬГАСКАаПЕРАТЫЎ

Праўленне СВК “Граніт-Агра” і прафсаюзны камітэт стараюцца разнастаіць жыццё сельскіх працаўнікоў. Тут праходзяць “агеньчыкі”, канцэрты, конкурсы. Паколькі ў гаспадарцы многія працаўнікі – аматары спорту, то тут трывала прапісаліся спартыўныя спаборніцтвы. Ніводная гаспадарка не можа пахваліцца такою колькасцю валейбольных каманд, як “Граніт-Агра”. Яшчэ адзін з кірункаў дзейнасці мясцовага прафкама – арганізацыя турысцкіх паездак па адметных мясцінах Беларусі. Вось і не так даўно турысцкая група гранітаўцаў наведала Мінск, дзе для іх былі наладжаны экскурсіі ў Нацыяльную бібліятэку, музей Вялікай Айчыннаяй вайны і па самім горадзе.

А. Радзіеўская

Последнее изменениеПонедельник, 29 февраля 2016 12:09
Принеманские вести. 2019