Рыхтуемся да Вялікадня
- Автор Принеманские Вести
- размер шрифта уменьшить размер шрифта увеличить размер шрифта
- Опубликовано в Праздники
- Прочитано 2111 раз
- Печать
- Эл. почта
Як павінен выглядаць велікодны кошык?
Кошык павінен быць сплецены з вербалозу і высцелены белай сурвэткай. Трэба аздобіць яго самшытам, які з’яўляецца сімвалам радасці і надзеі на ўваскрасенне. Ручку кошыка можна абплесці белай карункавай ці каляровай стужкай.
Што пакласці ў велікодны кошык?
Гэтае пытанне мы штогод задаём сабе перад Вялікай суботай, калі збіраемся ў касцёл, каб асвяціць стравы. У велікодным кошыку павінны быць асноўныя кампаненты, неабходныя для прыгатавання велікоднага сняданку. Гэта Божыя дары, якія прыгадваюць нам аб важных момантах, патрэбных для разважання над мукай і ўваскрасеннем Хрыста. Кожная са страў мае ўласны характэрны сімвал.

Велікоднае яйка, пафарбаванае ці распісанае. Гэта дар, што сімвалізуе новы пачатак, нараджэнне, уваскрасенне, якога вернік чакае ў перыяд Велікодных свят.
Хлеб асвячаецца на ўспамін хлеба, які сышоў з неба, гэта значыць Езуса. І як даніна памяці таму, што Ён цудоўным чынам накарміў натоўпы людзей, якія слухалі Яго навучанне. Хлеб сімвалізуе Цела Хрыста – хлеб жыцця для хрысціян.
Соль і перац. Соль захоўвае стравы ад псавання, а таксама сімвалізуе захаванне чалавека ад духоўнай сапсаванасці, навяртанне і ачышчэнне. Для хрысціян соль сімвалізуе сутнасць жыцця і праўды. Адсюль мы кажам пра “соль зямлі” – так Езус назваў сваіх вучняў, выбраных. Перац сімвалізуе зёлкі, якія раней яўрэі дадавалі ў харасэт (від соусу). Яны рабілі гэта на ўспа-мін цяжкай, горкай прымусовай працы пры вырабе цэглы ў Егіпце.
Хрэн прыгадвае аб пераадоленні Хрыстовай мукі горычы. Ён таксама сімвалізуе фізічную сілу і жыццяздольнасць. Змешчаны ў кошыку, ён павінен забяспечыць здароўе і моц, а таксама падтрымліваць эфектыўнасць іншых асвечаных прадуктаў.
Вяндліна з’яўляецца сімвалам багацця, дастатку: не толькі матэрыяльнага, але і духоўнага, дзякуючы якому мы можам заключыць поўны запавет з Богам.
Фігурка велікоднага ягняці, спечаная з цеста ці зробленая з цукровай пудры. Ягнятка з чырвонай харугвай – гэта сімвал мукі, смерці і ўваскрасення Хрыста. Можна заўважыць падабенства ахвяры з гэтай жывёлы ў Старым Запавеце з той, якую склаў на крыжы Месія. Падкрэсліваецца таксама нявіннасць ягняці і факт яго сляпой паслухмянасці, чым яно павінна прыгадваць Хрыста, які, будучы нявінным, аддае сваё жыццё, бо паслухмяны Айцу.
Велікодная бабка. Лепш за ўсё не купленая, а спечаная гаспадыняй. Бабка з’яўляецца сімвалам умення і дасканаласці, да якіх павінен імкнуцца кожны чалавек як у духоўным жыцці, так і ў навакольнай рэчаіснасці.
Часам элементам асвечанага можа быць таксама пасудзіна з вадой, якая з’яўляецца сімвалам Святога Духа; сыр з авечага, казінага ці каровінага малака.
Абрад велікоднага снедання ў сям’і
На Вялікдзень пасля рэзурэкцыйная святой Імшы сям'я збіраецца за ўрачыстым снеданнем вакол па-святочнаму накрытага стала, аздобленага зялёнымі сцяблінкамі раслін, кураняткамі, парасткамі пшаніцы, якія сімвалізуюць новае жыццё, атрыманае на святым хросце. У цэнтры стала ставіцца велікодны сямейны пасхал, фігурка велікоднага ягняці і асвячоныя патравы. Снеданне трэба пачаць з супольнай малітвы аб Божым длагаславенні, аб дарах Святога Духа для Святога Айца, аб ласцы навяртання для няверуючых, аб міры на зямлі, аб суцяшэнні для самотрых і тых, хто пакутуе.
Гаспадар запальвае сямейны пасхал, падымае яго ўгару і гаворыць:
- Сапраўды Пан Уваскрос! Аллелюя!
Усе адказваюць:
- Дзякуем Пану Богу! Аллелюя!
Айцец:
- З радасцю сабраліся мы ў нашым сямейным асяроддзі, каб урачыста адзначыць памятны дзень Уваскрасення нашага Пана. Я жадаю ўсім вам, каб супакой і радасць запанавалі ў вашых сэрцах, каб усе мы сведчылі сённяшняму свету аб уваскрэслым Хрысце і паўсюдна абвяшчалі, што Пан сапраўды ўваскрэс. Ахопім думкамі і сэрцам усіх нашых сваякоў і сяброў, жывых і памерлых, агорнем увесь свет і будзем прасіць:
Усе:
Ойча наш...
У канцы бацька сям'і моліцца:
- Божа, у сённяшні дзень Ты перамог смерць і адчыніў нам брамы вечнасці, дай нам удзельнічаць у перамозе Твайго Сына Езуса Хрыста над грахом, каб мы былі годныя прыняць удзел у Яго вечным жыцці. Які вечна жыве і валадарыць.
Усе:
- Амэн.






