У Тарнова прайшло татэмнае свята “Камаедзіца”
- Автор Принеманские Вести
- размер шрифта уменьшить размер шрифта увеличить размер шрифта
- Опубликовано в Праздники
- Прочитано 2828 раз
- Печать
- Эл. почта

Трэба сказаць, што свята продкаў “Камаедзіца” заўжды адбывалася напярэдадні “Дабравешчання”, яно ўслаўляла жывёлу, асабліва пакланяліся мядзведзю, бо прашчуры-беларусы лічылі, быццам бы род наш пайшоў ад мядзведзя, і ставіліся да яго, як да паважанага родзіча. Гэтак, па-беларуску, шчыра і шчодра ў гэты дзень услаўлялі мядзведзя ў аграгарадку Тарнова. Ролю мядзведзя вельмі ўдала выканаў культарганізатар Дома культуры Дзмітрый Лінга. Увесь час ён быў актыўны у сваёй цяжкай “шубе”, насамрэч, гэта не такая і лёгкая справа. Каб заручыцца спагадлівасцю мядзведзя, яго частавалі мёдам (“вось табе салодкі мядок, каб быў гладзенькі бачок”), грыбамі (“а вось смачныя грыбочкі, каб пільна глядзелі вочкі”), сушаным рэпнікам і гарохавымі камамі (гэтыя камы, верагодна, і далі назву ўсяму святу – “Камаедзіца” – камы есці).
У вясёлую забаву пераўтварыліся качанні мядзведзя з гледачамі на імпразаваным ложку, а качаліся дзеля таго, каб мядзведзь быў спагадлівы і больш лагодны і людзям шкоды не рабіў. Весялілі касалапага “гарохавай” полькай удзельнікі дзіцячага танцавальнага калектыву “Чаравічкі” згаданай установы. З удзельнікамі фальклорна-этнаграфічнага гурта “Талер” (аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры) і з усімі прысутнымі мішка танцаваў і “Кракавяк”, і “Падэспань”, і “Лявоніху”. Ногі ішлі ў скокі ў мядзведзя і тады, калі вакальны гурт “Сустрэча” Тарноўскага Дома культуры выконваў прыпеўкі. Потым пагулялі ў гульні: “У мядзведзя ў бару..”, “Гарохавы ком”, “Малінка”. Настрой задавалі і вядучыя – мастацкі кіраўнік установы Алена Палейчык і ветырынарны ўрач мясцовай гаспадаркі Яўген Мякіш.
Свята суправаджалася жывым акампанементам і песнямі народнага сямейнага ансамбля Парфенчыкаў Бердаўскага культурна-дасугавага цэнтра.
Кожны змог пачаставацца любімымі стравамі мядзведзя: мёдам, блінамі з мёдам і малінавым варэннем, аўсяным кісялём, сушаным рэпнікам і гарохавымі камамі.
Напрыканцы мядзвець прызнаўся, што абудзіўся ад сну і носам ужо чуе сапраўдную вясну.
Свята стала доказам таго, што нашы продкі жылі ў гармоніі з прыродай і жывёльным светам. А нам патрэбна захоўваць гэтыя абрады, звычаі, святы і перадаваць нашчадкам.
Г. Некраш, метадыст ДУ “Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці”