Добры дзень, суседзі!

Добры дзень, суседзі!
На Гродзеншчыне стала добрай традыцыяй ладзіць свята-конкурс “Добры дзень, суседзі!”. Першапачаткоўцам яго правядзення выступае Слонімшчына, а ў бягучым годзе эстафету перанялі іншыя раёны. У нас на Лідчыне гэтае мерапрыемства ўпершыню адбылося ў Дворышчы – сюды завіталі госці з аграгарадка Гуды. Усе падзеі адбываліся на прыклубнай пляцоўцы Дварышчанскага Дома культуры.

Госці прыехалі з гарманістамі, мелодыя беларускай полькі якіх стварыла святочны настрой ва ўсім наваколлі. Хочацца адразу ўдакладніць, што музыканты адмысловыя і майстры сваёй справы – кіраўнік ансамбля народнай музыкі “Гудскі гармонік” Андрэй Колышка і былы ўдзельнік гэтага ж калектыву Адам Бярнацкі. Гаспадары, як і патрабуе звычай продкаў, сустрэлі гасцей хлебам-соллю. І пайшла, палілася гаворка пра жыццё вясковае. У каго пеўні больш галасістыя, у каго каровы больш малака даюць, куры больш яек нясуць і гаспадыні пірагі смачнейшыя пякуць. Затым у дыялог уступілі старшыні сельскіх выканкамаў: Дварышчанскага – Іван Ганевіч і Крупаўскага (адкуль госці) – Руслан Мельнік. Яны павіншавалі землякоў са святам і абмяняліся падарункамі. Іван Ганевіч нават з гэтае нагоды прачытаў уласны верш, чым прыемна здзівіў прысутных. Згаданыя аграгарадкі адносяцца да адной гаспадаркі ЛРСУП “Саўгас “Лідскі”, дзе разводзяць новыя сарты бульбы. Нездарма праводзілася “бульбяная” эстафета, у якой удзельнічалі дзіцячыя каманды, а прысутныя пачаставаліся дранікамі і калдунамі. Наогул спаборніцтваў і конкурсаў было шмат. Патрэбна было звязаць на хуткаць і якасць венікі з галінак бярозы, а з драўляных нарыхтовак змайстраваць табурэткі, прыняць удзел у перацягванні каната і падняцці 16-кілаграмовай гіры. Трэба сказаць, заўжды перамагала сяброўства. Толькі было відавочна: прыпевак больш ведае Марыя Бальцэвіч, яна і перамагла Ірыну Хадкевіч у гэтым конкурсе.

Напрыканцы мерапрыемства сяльчане гаварылі, што адпачылі душой, атрымалі толькі станоўчыя эмоцыі і добры настрой, якога хопіць на працяглы час. Гэта было сапраўднае свята сяброўства. Нездарма ж у народзе кажуць: “Няма лепшага сваяка, чым добры сусед”.

Ганна Некраш,

вядучы метадыст ДУ “Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці”

Последнее изменениеЧетверг, 15 сентября 2016 10:08
Наверх

Logo PV

 © 2009-2022 Принеманские вести. Все права защищены. 
Полное или частичное использование материалов газеты и сайта допускается только с разрешения редакции.

Яндекс.Метрика

Принеманские вести. 2019

Войти на сайт через социальные сети.