«Гудскі гармонік» у якасці ганаровага госця выступіў на свяце Купалля ў Клайпедзе
- Автор Принеманские Вести
- размер шрифта уменьшить размер шрифта увеличить размер шрифта
- Опубликовано в Фестивали
- Прочитано 1656 раз
- Печать
- Эл. почта

Удзельнікам народнага ансамбля народнай музыкі «Гудскi гармонiк» за апошнія пяць гадоў ужо тройчы даводзілася бываць на такіх народных фэстах на літоўскай зямлі. Ну а тое, што ў гэтым годзе сустракаць купальскую ноч пашчасціла ў па-свойму непаўторнай Клайпедзе, і зусім робіць эмоцыі ад падарожжа проста неверагоднымi…
Па запрашэнні мясцовай беларускай суполкі «Крыніца» і асабіста яе старшыні Мікалая Логвіна, які таксама з'яўляецца Ганаровым консулам Беларусі ў гэтым прыбалтыйскім горадзе, ўдзельнікі калектыву з Ліды змаглі не проста акунуцца ў дзівосную атмасферу Купалля, але і зрабіць гэта ў коле сваіх даўніх сяброў. Дарэчы, за 12-гадовую гісторыю правядзення суполкай «Крыніца» падобных купальскіх святаў нашы лiтоўскiя землякі запрашалі да сябе ў госці многія творчыя калектывы з Беларусі, але ансамбль “Гудскi гармонiк” пакуль адзіны, хто прыехаў туды ўжо ў другі раз.
Святочныя мерапрыемствы ў беларускіх традыцыях адбыліся ў прыгожай і маляўнічай сядзібе. Трэба адзначыць, што ў госці да «Крыніцы» за-вiталi і прадстаўнікі беларускіх дыяспар з іншых прыбалтыйскіх краін: «Мара» з латвійскай Ліепаі, «Сябры» з Нарвы і «Спадкi» з Тарту, што ў Эстоніі. Менавіта дзякуючы магчымасці сабрацца землякам-беларусам у адным месцы, і святочная праграма, і канцэрт з удзелам творчых калектываў самадзейнасці, якія прадстаўлялі свае суполкi, і далейшыя сустрэчы і размовы атрымаліся па-сямейнаму цёплымі і шчырымі.
На імправізаванай сцэне пад чыстым небам артысты змянялі адзін аднаго, каб парадаваць прысутных прыгожымі, мiлагучнымi беларускімі народнымі песнямі. Ансамбль “Гудскi гармонiк” завяршаў своеасаблівую афіцыйную канцэртную праграму і ў гэты раз выканаў дзевяць твораў, сярод якіх былі як вядомыя, так і прэм’ерныя. У паўзах беларускай часткі песеннай праграмы вельмі задорна ў размоўным жанры пазабавілі гледачоў сваімі мініяцюрамі вясёлыя прадстаўніцы тэатра “Балагур” з Ганчарскага дома культуры.
Само ж свята Купалле прадоўжылася да раніцы з ўсiмi абрадамi: пошукамі папараць-кветкі, апусканнем вянкоў на ваду, скачкамі праз вогнішча. А знакамiтая “Купалінка” прагучала ў тую ноч столькі разоў, што, напэўна, і праз некаторы час будзе ўспамінацца ўдзельнікам святочных мерапрыемстваў, запрашаючы іх зноў вярнуцца і атрымаць асалоду ад магчымасці дакрануцца да народных традыцый Купалля, пагутарыць з землякамі і, вядома ж, паспяваць нашы беларускія песні.
Н. Вайцюкевіч, метадыст Лідскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці