21 лютага – Міжнародны дзень роднай мовы

  Пачуць гаворку на беларускай мове ў нашым горадзе – справа выключна рэдкая. На ёй размаўляюць у асноўным толькі на паэтычных сустрэчах або занятках у школе. Але карэспандэнтам “ПВ” усё ж такі ўдалося знайсці людзей, якія ў паўсядзённым жыцці карыстаюцца нашай роднай мовай. «Мова – яна як цеста…»    Пётр Брэйва пачаў вучыць родную мову па творах беларускіх класікаў – Караткевіча, Барадуліна,  Шамякіна. З іх кнігамі ён не растаецца ніколі – нават у аўтамабілі на заднім сядзенні ляжыць томік Быкава. Сваю цягу да беларускай мовы Пётр тлумачыць проста: «Бог даў нам зямлю і даў нам мову, на якой мы павінны размаўляць». Таму ў паўсядзённым жыцці ён стараецца карыстацца толькі родным словам.    – Праўда, абставіны часта складваюцца так, што прыходзіц-ца размаўляць па-руску, – прызнаецца мужчына. – На жаль, не ўсе беларусы разумеюць сваю мову. Але ёсць і такія, хто хоча яе ведаць. Мне здаецца, зараз мода пайшла на ўсё беларускае, і на мову ў тым ліку. Адкрываюцца курсы, праводзяцца трэнінгі, многія прадпрымальнікі размяшчаюць сваю рэкламу па-беларуску. І гэта вельмі добра. Наша мова – прыгожая, добрая, без агрэсіі.  У ёй нават лаянка мілагучная!


   Любоў да беларускай мовы  Пётр стараецца прывіць і сваёй дачцэ. Яны чытаюць казкі, слухаюць радыё, размаўляюць толькі па-беларуску. Спачатку дзяўчынцы было цяжка ўсё разумець, але сёння яна добра валодае роднай мовай, ведае шмат герояў беларускага фальклору. Аднак мужчына лічыць, што навязваць ужыванне беларускай мовы не трэба.
   – Мова – яна як цеста, – разважае мой суразмоўца. – Калі ў яго палажыць закваску, патрэбен час, каб заквасілася ўсё цеста. Так і ў мове: у першы дзень ты скажаш тры словы, на другі – пяць слоў, праз тыдзень – ужо 20. А яшчэ праз год ты будзеш выдатна разумець і размаўляць па-беларуску.
Знаходзіць Пётр час і для таго, каб пачытаць Слова Божае. Праўда, адзначае ён, сёння няма афіцыйнага перакладу Бібліі на беларускую мову. Таму прыходзіцца здавольвацца не прафесійнымі перакладамі, а тымі, што зроблены ксяндзамі. Але мужчына спадзяецца, што хутка наступіць той час, калі свет убачыць “сапраўдная” беларуская Біблія.
   – Шукайце найперш валадарства Божае, – дае параду нашым чытачам Пётр. – А ўсё астатняе – і здароўе, і грошы, і каханне – прыбудзе.
«Вера навучыла любіць мову»

буйнич
   Беларускамоўнага тату дваіх дзяцей Андрэя Буйніча добра памятаюць у дзіцячым садку №36, куды хадзілі яго дачка Сафія і сын Канстанцін. Як пра прыемнага чалавека і цікавага суразмоўцу, пра яго адклікаюцца і настаўнікі сярэдняй школы №16, дзе сёння навучаюцца яго хлопчык і дзяўчынка.
   Беларускую мову Андрэй заўсёды добра ведаў, але карыстацца ёй у паўсядзённым жыцці пачаў у даволі свядомым узросце. Мой суразмоўца родам з Брэстчыны, горада Століна. Нарадзіўся ён у звычайнай савецкай сям’і лекараў, дзе ўсе размаўлялі выключна на рускай мове. Пасля заканчэння школы, у 1995 го-дзе, паступіў на механіка-матэматычны факультэт БДУ. Такія змены – пераезд у другі горад, самастойнае жыццё – патрабавалі новага погляду на многія рэчы. Менавіта гэты перыяд і супаў з пікам актыўных філасофскіх разважанняў, пошукам сэнса і Бога ў сваім жыцці. Таму Андрэй стаў знаёміцца з плынямі хрысціянства і не толькі, наведваў службы і розныя гурткі. Аднойчы ён трапіў на сустрэчу каталіцкай моладзі. Першае, што ўразіла, – усе хлопцы і дзяўчаты размаўлялі выключна па-беларуску. Да гэтай патрыятычна свядомай моладзі далучыўся і Андрэй Буйніч.
   – Менавіта царква навучыла мяне любіць беларускую мову і культуру. І сёння вера і мова – рэчы для мяне неад’емныя адна ад адной, – адзначае мой суразмоўца. – Але ў той жа час я не з’яўляюся радыкалам і не магу сцвярджаць, што на 100% размаўляю толькі па-беларуску. Бо часам прасцей і хутчэй будзе, напрыклад, якой-небудзь прадавачцы сказаць па-руску, чым некалькі разоў паўтараць адное і тое ж беларускае слова ў спадзяванні, што хоць з дзесятага раза яна зразумее мяне.
   Пасля заканчэння БДУ Андрэй паступіў у семінарыю ў Польшчу. Для сябя ён канчаткова выбраў шлях святара грэка-каталіцкай (уніяцкай) царквы. Менавіта ў гэтай плыні хрысціянства ён знайшоў сябе. І вось праз нейкі час у якасці святара Андрэй быў накіраваны ў Ліду. Усе літургіі ў капліцы, дзе служыць мужчына, праходзяць на беларускай мове.
   Па-беларуску размаўляе і жонка майго суразмоўцы Алена, прывіць любоў да роднага слова бацькі імкнуцца і дзецям.
   – Так, напрыклад, дома яны мяне называюць толькі «тата». Я ім кажу, што «папа» – гэта ў Рыме, – усміхаецца Андрэй. – Разам з тым, хачу заўважыць, што навокал даволі шмат лю-дзей, якія не толькі добра ведаюць родную мову, але і з задавальненнем на ёй размаўлялі б. Па іх словах, спыняе толькі тое, што няма з кім, або страх памыліцца. У такіх выпадках я кажу, што ніхто ў паўсядзённым жыцці не размаўляе на літаратурнай мове, мове Коласа ці Купалы. Дзе вы бачылі рускамоўнага, які выказваўся б словамі Пушкіна, ці англічаніна з шэкспіраўскімі “тэкстамі”?! Таму я раю ўсім: не трэба саромецца дапускаць памылкі! Чым болей вы будзеце размаўляць, тым чысцейшай будзе станавіцца ваша гутарка і тым больш людзей будуць  паўтараць ваш прыклад.


Наталля Васілеўская,
Таццяна Жылінская

Последнее изменениеПятница, 07 августа 2015 12:08
Наверх

Logo PV

 © 2009-2022 Принеманские вести. Все права защищены. 
Полное или частичное использование материалов газеты и сайта допускается только с разрешения редакции.

Яндекс.Метрика

Принеманские вести. 2019

Войти на сайт через социальные сети.